Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы стварылі асацыяцыю беларускай дыяспары


Аляксей Дзікавіцкі.
Аляксей Дзікавіцкі.

Устаноўчы сход заснавальнікаў асацыяцыі адбыўся 17 жніўня. На ім былі абмеркаваныя і прынятыя «ў першым чытаньні» статут, абраныя кіроўныя і кантрольныя органы, падрыхтаваныя праекты дакумэнтаў для рэгістрацыі.

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў адзін з ініцыятараў стварэньня асацыяцыі, кіраўнік мэдыяпраекту Belarus Tomorrow Аляксей Дзікавіцкі.

«Перад намі чарговыя дыскусіі ў справе вызначэньня прыярытэтных кірункаў дзейнасьці, адначасова трэба вывучыць досьвед іншых дыяспараў, абмеркаваць сьпіс магчымых будучых партнэраў і гэтак далей», — напісаў Дзікавіцкі.

Асацыяцыя, адзначыў ён, сярод іншага, мае на мэце прадстаўляць на розных узроўнях інтарэсы беларускай дыяспары ў Польшчы, яе гуртаваньне.

17 чэрвеня Дзікавіцкі заклікаў далучыцца да ініцыятыўнай групы па стварэньні арганізацыі беларускай дыяспары ў Польшчы «ініцыятыўных, працавітых, адказных і незаангажаваных у кіраваньне палітычнымі структурамі землякоў», якім ён прапанаваў аб’яднацца «дзеля лабіяваньня інтарэсаў дыяспары ў краіне».

«Толькі ў Польшчу цягам апошніх гадоў выехалі некалькі сотняў тысяч беларусаў, а ў нас тут паўнавартаснай школы нават няма, ня кажучы ўжо пра іншыя гэтак званыя сацыяльныя інстытуты, якія б існавалі стабільна, бязь вечна выцягнутай па гранты рукі — ну як так?» — паставіў пытаньне ініцыятар.

Дзікавіцкі быў намесьнікам дырэктара тэлеканалу «Белсат», калі яго ўзначальвала Агнешка Рамашэўска-Гузы, пасьля яе звальненьня — з сакавіка мінулага году — выконваў абавязкі кіраўніка. Летась у лістападзе датэрмінова пакінуў пасаду.

На беларускіх палітычных мерапрыемствах у Польшчы апошнім часам выступае як прадстаўнік Рады БНР.

Паводле даных Управы па справах іншаземцаў, у Польшчы на канец лютага 2025 году жыло 143,1 тыс. грамадзян Беларусі з дакумэнтамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх знаходжаньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG