Візыт адбываецца праз тры дні пасьля саміту Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным на Алясцы.
Ад сёньняшней сустрэчы чакаюць лёсавызначальных рашэньняў у дасягненьні міру ва Ўкраіне. Для Зяленскага гэта ўжо шосты прыезд у Белы дом з 2021 году.
Акрамя Трампа і Зяленскага ў сустрэчы бяруць удзел
- Урзуля фон дэр Ляен — кіраўніца Эўрапейскай камісіі,
- Джорджа Мэлёні — прэмʼер-міністар Італіі,
- Кір Стармэр — прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі,
- Эманюэль Макрон — прэзыдэнт Францыі,
- Фрыдрых Мэрц — канцлер Нямеччыны,
- Аляксандар Стуб — прэзыдэнт Фінляндыі,
- Марк Рутэ — генэральны сакратар NATO.
Яны зьбіраюцца супольна выступіць у падтрымку пазыцый Украіны. Гэта беспрэцэдэнтнае прадстаўніцтва ў Белым доме.
Жывы эфір, прысьвечаны перамовам, вядуць «Настоящее время» (люстэрка) і Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Перад афіцыйнай сустрэчай Трамп і Зяленскі адказалі на пытаньні прэсы.
Дональд Трамп заявіў, што бачыць магчымасьць для дасягненьня міру і сказаў, што Пуцін хоча, каб вайна скончылася. Амэрыканскі прэзыдэнт пацьвердзіў, што ЗША гатовыя даць Украіне «добрую абарону і гарантыі», але ў NATO Ўкраіна ня ўвойдзе. Ён адзначыў, што мір павінен быць ня толькі справядлівым, але і доўгатэрміновым. Прычым для падпісаньня мірнай дамовы не абавязкова папярэдне спыняць агонь, дадаў Трамп.
На пытаньне пра ўвядзеньне міратворцаў ЗША ва Ўкраіну Дональд Трамп указаў на істотны ўдзел Эўропы ў гарантаваньні бясьпекі Ўкраіны, бо «у іх будзе першая лінія абароны». Ён дадаў, што гэтая вайна аказалася «вельмі складанай», хоць ён і спадзяваўся, што яна будзе самай лёгкай з 6 канфліктаў, якія ён, па яго словах, спыніў.
Дональд Трамп пацьвердзіў, што яго жонка Мэланія напісала ліст Уладзіміру Пуціну, у якім узьняла тэму дэпартаваных украінскіх дзяцей. У адказ Зяленскі перадаў для Мэланіі Трамп ліст з падзякай ад сваёй жонкі Алены Зяленскай.
Уладзімір Зяленскі таксама падзякаваў Трампу за яго намаганьні па спыненьні забойстваў, а таксама выказаў удзячнасьць яго жонцы Мэланіі за яе ліст Пуціну пра дэпартаваных украінскіх дзяцей.
Зяленскі пацьвердзіў гатоўнасьць правесьці прэзыдэнцкія выбары ў краіне адразу пасьля заканчэньня ваеннага становішча.
Грамадзкасьці дагэтуль дакладна не вядома, якімі канкрэтнымі прапановамі абмяняліся Пуцін і Трамп 15 жніўня.
Але прэзыдэнт ЗША заявіў пра магчымае правядзеньне трохбаковага саміту з Пуціным і Зяленскім ужо 22 жніўня. Ён заявіў, што Пуцін хоча не перамірʼя, а ўсёабдымнай мірнай дамовы.
Раней ён даў зразумець, што Ўкраіне давядзецца ахвяраваць тэрыторыямі і жаданьнем уступіць у NATO ў абмен на мір і гарантыі бясьпекі. Паводле спэцпасланьніка ЗША Стыва Віткафа, Пуцін патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з Данбасу.
Зяленскі на гэта сказаў, што Канстытуцыя Ўкраіны забараняе адмаўляцца ад тэрыторыяў.
Напярэдадні Зяленскі сустрэўся з так званай «кааліцыяй ахвотных» — групай з больш як 30 краінаў, што падпісваюць двухбаковыя дамовы аб бясьпецы з Украінай і абяцаюць працяглую падтрымку, у тым ліку ў выпадку новых атак з боку Масквы.
Двухбаковая сустрэча Трампа і Зяленскага заплянаваная на 20:15 менскага часу. Шматбаковая з удзелам эўрапейскіх лідэраў — на 22:00.
Перамовы ў Вашынгтоне адбываюцца на фоне новых масаваных удараў Расеі па Ўкраіне.
- У Харкаве загінулі сямёра чалавек, у тым ліку дзіця паўтара году.
- У Запарожжы загінулі трое і каля дваццаці параненыя.
- Удар быў нанесены і па энэргаабʼекце ў Адэсе, які належыць азэрбайджанскай дзяржаўнай кампаніі, што Зяленскі назваў ударам па міжнародных адносінах і энэргабясьпецы.
Форум