Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці даможацца Трамп вызваленьня беларускіх палітвязьняў? Тры магчымыя сцэнары


Дональд Трамп.
Дональд Трамп.

Дональд Трамп патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і двойчы пасьля гэтага згадаў пра вызваленьне больш як тысячы беларускіх палітвязьняў. Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч аналізуе тры магчымыя сцэнары далейшага разьвіцьця падзей.

Сьцісла:

  • У адказ на тэлефанаваньне Трампа варта спадзявацца на новыя вызваленьні палітвязьняў.
  • У выпаду, калі саміт прэзыдэнтаў Расеі, Украіны і ЗША адбудзецца ў Менску, шанцы на вызваленьне палітзьняволеных моцна ўзрастаюць.
  • Калі амэрыканскі бок не дачакаецца вызваленьня палітвязьняў, то цікавасьць каманды Трампа да гэтай тэмы можа зьнікнуць.


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў сваёй сацсетцы Truth Social ізноў зьвярнуў увагу на тэму палітвязьняў у Беларусі. 17 жніўня, адказваючы на камэнтар аднаго з карыстальнікаў, ён напісаў: «Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідэру. Я спадзяюся, што 1300 чалавек таксама хутка будуць вызваленыя!».

Тут варта вярнуцца троху назад. На ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці 1 ліпеня Аляксандар Лукашэнка згадаў пра вызваленьне палітвязьняў, нібыта спрачаючыся зь нейкім ананімным апанэнтам: «Крычыць: „Вось калі Трамп скажа хоць адно слова, ён пабяжыць, ён выпусьціць, ён адпусьціць, яшчэ нешта“. Як толькі Трамп асьмеліцца сказаць хоць адно слова (журналісты нашы пра гэта ўжо сказалі), усялякія размовы з амэрыканцамі спыняцца».

Апошнімі днямі Трамп сказаў не адно слова наконт вызваленьня палітвязьняў, а значна больш. Двойчы публічна зьвяртаўся да гэтай тэмы. Аднак ніякіх прыкметаў таго, што «ўсялякія размовы з амэрыканцамі спыняцца», няма. Наадварот, паводле Натальлі Эйсмант, Лукашэнка сказаў Трампу адносна вызваленьня палітвязьняў, што «мы не спыняемся і ў гэтым кірунку працавалі і працуем».

І тут справа не ў камплімэнтах, якімі абсыпаў Трамп Лукашэнку («вельмі паважаны прэзыдэнт Беларусі», «магутны лідэр»). Хоць і яны важныя, бо ў любога палітыка закружыцца галава ад такіх словаў. Тым больш, гэта прыемна Лукашэнку, які, відавочна, адчувае псыхалягічны дыскамфорт праз тое, што заходнія краіны пяць гадоў не прызнаюць яго прэзыдэнтам Беларусі.

Тут стаўкі больш высокія. Фактычна Трамп выцягвае Лукашэнку з ізаляцыі. А гэта дорага каштуе. Можна прыпусьціць, што менавіта за візыт спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага Лукашэнка вызваліў 14 палітвязьняў. А тэлефанаваньне самога Трампа каштуе значна больш. Бо гэта ня проста ветлівая тэлефонная размова, гэта квіток вяртаньня ў вялікую палітыку.

Што далей? Тут могуць быць самыя нечаканыя варыянты.

Сцэнар № 1: міратворчы саміт у Менску

Самая радыкальная вэрсія — гэта саміт кіраўнікоў Расеі, Украіны і ЗША ў Менску. Праблема ў тым, што ня так проста знайсьці месца сустрэчы, якое б задавальняла ўсіх. Пуцін не сьпяшаецца выяжджаць за мяжу, бо існуе ордэр Міжнароднага крымінальнага суду на яго арышт. А Менск яго цалкам задаволіць.

Пасьля завяршэньня саміту на Алясцы Пуцін прапанаваў наступную сустрэчу правесьці ў Маскве. Аднак наўрад ці гэта задаволіць Трампа. Бо яго і так абвінавачваюць у прарасейскай арыентацыі, і ехаць у сталіцу РФ — гэта даваць дадатковыя падставы для закідаў палітычным апанэнтам. А вось Менск для яго мог бы быць прымальным. Беларусь — бліжэйшы саюзьнік Расеі, але ж міжнародна прызнаная незалежная дзяржава. Калі ж яшчэ ягонаму візыту ў Менск будзе спадарожнічаць вызваленьне беларускіх палітвязьняў, то можна аб’явіць пра трыюмф замежнай палітыкі ЗША. І да замірэньня ва Ўкраіне прывёў, і па дарозе яшчэ і беларускае гуманітарнае пытаньне вырашыў. Маўляў, што Джо Байдэн пяць гадоў з дапамогай санкцый ня змог вырашыць, Трамп уладкаваў за некалькі месяцаў.

Адзіная праблема ў тым, што Беларусь як месца перамоваў не пасуе Зяленскаму, бо Ўкраіна лічыць сваю паўночную суседку суагрэсарам. Аднак стаўкі для Кіева цяпер такія вялікія, што пытаньне месца можа не зьяўляцца для ўкраінскага прэзыдэнта такім прынцыповым. Нагадаю, што ў першыя тыдні вайны менавіта ў Беларусі прайшлі тры раўнды перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай, і толькі потым перамясьціліся ў Стамбул.

Што да Лукашэнкі, то для яго вяртаньне ў 2015 год, калі Менск прымаў кіраўнікоў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны, амаль недасягальная мара. І калі яна мае шанец зьдзейсьніцца і тут змогуць адбыцца гістарычныя пагадненьні «Менск-3», то дзеля гэтага можна вызваліць усіх палітвязьняў. Бо неяк цяжка ўявіць, што ў Менск прыяжджае Трамп, магчыма, іншыя эўрапейскія лідэры, а ў Беларусі за кратамі заставалася б больш за тысячу несправядліва асуджаных людзей.

Сцэнар № 2: сустрэча Трампа з Лукашэнкам

Больш рэальная сытуацыя, калі вялікага саміту ў Беларусі ня будзе. Тады на парадку дня паўстане складанае пытаньне скасаваньня санкцый. Складанае таму, што яно ўвязанае з пытаньнем адмены санкцый адносна Расеі. Да таго ж, яго трэба ўзгадняць з Эўразьвязам. А пазыцыя Брусэлю адносна рэжыму Лукашэнкі моцна адрозьніваецца. ЗША можа націснуць на ЭЗ, але дзеля чаго? Каб Лукашэнка дапамог у камунікацыі з Пуціным? Для эўрапейскіх палітыкаў гэта гучыць трохі дзіўна.

У размове Трампа з Лукашэнкам 15 жніўня быў такі сюжэт. Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што «зь нецярплівасьцю чакае сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам у будучыні». А прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што той запрасіў Трампа зь сям’ёй у Менск і запрашэньне, нібыта, было прынятае. Гэта была проста пратакольная ветлівасьць? Ці за гэтым дзяжурным дыпляматычным палітэсам стаяць сурʼёзныя пляны? Калі сапраўды адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з Трампам, то гэта таксама спрыяльны шанец для вызваленьня палітвязьняў.

Сцэнар № 3: працягу ня будзе

Яшчэ адзін варыянт. Калі амэрыканскі бок не дачакаецца вызваленьня палітвязьняў (можа не ўсіх 1300, а хоць бы паловы ад гэтай лічбы), то цікавасьць каманды Трампа да гэтай тэмы можа зьнікнуць. Так ужо было неаднойчы, калі прэзыдэнт ЗША загараўся нейкай ідэяй, але калі ня бачыў хуткага выніку, ягоная цікавасьць да гэтага пытаньня згасала. Тады гэтае тэлефанаваньне застанецца толькі эпізодам. Хто цяпер узгадвае, што ў 2021 годзе Лукашэнку двойчы тэлефанавала канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, а ў 2022 годзе — прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон?

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG