«Мы за тое, каб гэтыя гарантыі былі сапраўды надзейнымі. Мы ўжо не аднойчы тлумачылі, што Расея сваіх інтарэсаў не завышае, але нашыя законныя інтарэсы мы будзем забясьпечваць цьвёрда і жорстка. Упэўнены, што на Захадзе, найперш у Злучаных Штатах, цудоўна разумеюць, што ўсур’ёз абмяркоўваць пытаньне запэўненьня бясьпекі без Расейскай Фэдэрацыі — гэта ўтопія», — заявіў Сяргей Лаўроў 20 жніўня.
У Кіеве паведамілі, што вядуць перамовы аб гарантыях бясьпекі зь Нямеччынай, Італіяй, Францыяй, Вялікай Брытаніяй, Фінляндыяй, Эўразьвязам і NATO.
«Разам ідзем дакладна па прыярытэтах, вызначаных лідэрамі. Усё мусіць быць вельмі канкрэтным і дзейным, каб зрабіць немагчымым паўтарэньне агрэсіі. Памятаем памылку „Будапэшту“ і дзесяцігодзьдзяў дэклярацыйных заяваў. У наш час дакладна без памылак», — напісаў Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, каманда эўрапейскіх партнэраў ужо працуе над вайсковым складнікам гарантаваньня бясьпекі.
«Распрацоўваем таксама парадак неабходных дзеяньняў, калі расейскі бок і далей будзе зацягваць вайну і зрываць дамоўленасьці пра двухбаковы і трохбаковы фармат сустрэчы лідэраў. Украіна гатовая да якога-хаця фармату размовы пра сумленнае завяршэньне вайны, і мы ўдзячныя прэзыдэнту Трампу, усім у Амэрыцы, усім у Эўропе за падтрымку. Адпаведныя крокі маюць зрабіць расейцы, або — адчуць дадатковы сапраўды балючы ціск сьвету», — заявіў Андрэй Ярмак.
Крэмль патрабуе, каб Расея мела права вэта на якія б ні было гарантыі бясьпекі Захаду для Ўкраіны, спрабуючы падарваць намаганьні ЗША, Эўропы і Кіева ў стварэньні ўмоваў для трывалага міру ва Ўкраіне, гаворыцца ў дакладзе амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), які камэнтуе ўчорашнія заявы міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 20 жніўня заявіў, што ў рамках гарантыяў бясьпекі, прапанаваных Украіне, Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія могуць разьмясьціць там войскі, а ЗША забясьпечыць ім паветраную падтрымку, але якую менавіта — не ўдакладніў. «Мы забясьпечым ім вельмі добрую абарону», — сказаў Трамп.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс падкрэсьліў, што Эўропа мае быць гатовая ўзяць на сябе ініцыятыву ў забесьпячэньні гарантыяў бясьпекі.
«Я ня думаю, што мы павінны несьці тут цяжар. Думаю, мы павінны дапамагчы, калі гэта неабходна, каб спыніць вайну і спыніць забойствы. Але я думаю, што мы павінны чакаць, і прэзыдэнт, безумоўна, чакае, што Эўропа будзе адыгрываць тут вядучую ролю», — сказаў ён у этэры Fox News.
Гарантыі бясьпекі былі галоўнай тэмай абмеркаваньня 18 жніўня ў Вашынгтоне на сустрэчы Дональда Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскі і лідэрамі эўрапейскіх краін, якая адбылася пасьля перамоваў на Алясцы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Форум