Расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі паведаміў 19 жніўня пра сваё затрыманьне ў Манголіі. Паводле ягонай публікацыі ў Тэлеграме, яго затрымалі, павезьлі спачатку ва Ўлан-Батар, затым у бок мяжы. Прычынаў затрыманьня яму не растлумачылі, але абыходзіліся «бяз хамства і гвалту».
Ажароўскі праводзіў замеры радыеактыўнасьці на «гары старых радыеактыўных адходаў» на паўночным усходзе Манголіі. Выданьне The Insider расказала, што Ажароўскага запрасілі мясцовыя экалягічныя актывісты, якія западозрылі забруджваньне каля месца здабычы ўрану. У мангольскіх медыях выданьне заўважыла «мэдыякампанію» супраць Ажароўскага: ён нібы «агент КДБ, шпіён, які прыехаў сарваць плённую супрацу Манголіі і Францыі ў здабычы ўрану».
Андрэй Ажароўскі часта крытыкаваў праекты, зьвязаныя з радыяцыяй, у тым ліку Беларускую АЭС у Астраўцы.
Фізык-атамнік пракамэнтаваў у сваім тэлеграм-канале падзеі апошніх гадзінаў:
«Бессэнсоўныя кіданьні па стэпе (спачатку ехалі ў Чайбалсан, потым да расейскай мяжы, потым зноў у Чайбалсан) занялі амаль 12 гадзін. Дарогаю супрацоўнікі дзяржаўных службаў Манголіі, якія затрымалі мяне, так і не адказалі на два мае пытаньні: у чым прычына затрыманьня, і чаму нельга правесьці апытаньне-допыт на месцы. Я перакананы, што мае дзеяньні па кантролі радыяцыйнай абстаноўкі ў раёне разьмяшчэньня небясьпечных радыеактыўных адходаў не парушаюць законы, правілы і звычаі Манголіі».
З консульствам Расеі ў Манголіі Ажароўскі змог стэлефанавацца таксама толькі праз 12 гадзін пасьля затрыманьня.
Дарнодзкае уранавае радовішча, якое паехаў дасьледаваць Ажароўскі, пачало распрацоўвацца ў 1970-х гадах для патрэбаў ядзернай праграмы СССР, у тыя ж гады там узьнік пасёлак Эрдэнэс (пасьля перайменаваны ў Мардай), дзе жылі, у асноўным, савецкія грамадзяне. Пасьля распаду СССР у пачатку 1990-х пасёлак апусьцеў.
У пачатку 2025 году Манголія і Францыя падпісалі інвэстыцыйную дамову аб супрацы ў праекце здабычы ўрану. Андрэй Ажароўскі сьцьвярджае, што француская кампанія Orano Mining вядзе здабычу ўрану ў Манголіі некарэктна.
Форум