Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт па правах чалавека ААН забараніў Грузіі дэпартаваць беларускага праваабаронцу


Раман Кісьляк, архіўнае фота
Раман Кісьляк, архіўнае фота

Камітэт прыняў да разгляду скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісьляка супраць Грузіі, якая адмовіла яму ў прытулку.

Камітэт запатрабаваў ад уладаў Грузіі не высылаць Кісьляка ў Беларусь да завяршэньня працэдуры разгляду, паведаміў «Позірк».

Тбілісі павінен да 19 лютага 2026 году даць свае тлумачэньні адносна скаргі.

Яе разгляд можа заняць ад 2 да 5 гадоў.

Кісьляк цяпер знаходзіцца ў Грузіі са статусам «у дэпартацыі». Ён атрымае часовае пасьведчаньне асобы.

У першай палове 2025 году Грузія адмовіла ў прытулку 16 грамадзянам Беларусі, у тым ліку тром непаўналетнім.

Раман Кісьляк адзначыў, што гэта толькі 16-я скарга на Грузію ў КПЧ ААН за ўвесь час удзелу краіны ў гэтай працэдуры.

11 ліпеня апэляцыйны суд Тбілісі прыняў рашэньне пра адмову ва ўзычэньні міжнароднай абароны Раману Кісьляку. Яму далі 30 дзён, каб зьехаць з Грузіі. Але Кісьляк падаў скаргу ў ААН.

Паводле зьвестак Рамана Кісьляка ў Грузіі знаходзяцца больш за 14 тысяч беларусаў, якія прыехалі ў краіну пасьля падзей 2020 году.

«Ведаю, што больш за 80 чалавек просяць палітычнага прытулку і зь іх ужо больш як 60 адмоўлена. Пасьля леташніх выбараў беларусам у прытулку адмаўляюць, прычым у паскораным парадку», — заўважыў Раман Кісьляк.

Праваабаронца з Берасьця Раман Кісьляк зьехаў зь Беларусі ў ліпені 2021 году, асьцерагаючыся рэпрэсій. У Грузіі Раман Кісьляк працягвае праваабарончую дзейнасьць. Тым ня менш, паводле ягоных слоў, грузінскі суд у сваім рашэньні адзначыў, што катаваньні яму не пагражаюць.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG