Вельмі імаверна, што бесьпілётнік, які ўпаў ва ўсходняй Польшчы, прыбыў з боку Беларусі, заявіў журналістам у чацьвер акруговы пракурор у Любліне Гжэгаж Трусевіч, паведамляе Reuters.
Раней улады Польшчы ўжо абвінавацілі РФ у правакацыі пасьля падзеньня дрона. На ўсходзе Польшчы ў ноч на сераду ўпаў і ўзарваўся бесьпілётны лятучы апарат. Гэта адбылося падчас расейскага ўдару дронамі па тэрыторыі Ўкраіны. Прадстаўнікі ўладаў Польшчы пасьля заявілі, што ішлося пра расейскі ўдарны бесьпілётнік.
Пасольства Беларусі ў Варшаве не адразу адказала на просьбу аб камэнтары. Ад расейскай амбасады камэнтароў таксама не было.
Прадстаўнік МЗС Польшчы Павэл Уроньскі заявіў агенцтву Reuters, што, паводле папярэдніх зьвестак, ішлося аб расейскай вэрсіі бесьпілётніка тыпу «Шахед». Такія дроны актыўна выкарыстоўваюць для ўдараў па Ўкраіне.
У Міністэрстве абароны Польшчы пасьля ўдакладнілі, што, імаверна, гаворка пра дрон-падманку зь невялікай колькасьцю выбухоўкі. Такія бесьпілётнікі запускаюць разам з ударнымі «Шахедамі», каб заблытаць сыстэму СПА.
Міністр абароны Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш назваў тое, што здарылася, «правакацыяй» з боку Расеі, згадаўшы папярэднія выпадкі парушэньня паветранай прасторы краін NATO. Ён адзначыў, што правакацыя адбылася «ў крытычны момант», калі робяцца спробы дабіцца завяршэньня вайны ва Ўкраіне.
Беларусь як блізкі хаўрусьнік Расеі падтрымала вайну Масквы ва Ўкраіне.
Інцыдэнт у полі пад Люблінам
Увечары 19 жніўня ў вёсцы Асіны ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы нешта ўзарвалася, у выніку выбітыя вокны і пашкоджаныя дзьверы адной з пабудоваў.
У Асінах на незабудаванай тэрыторыі супрацоўнікі знайшлі мэталічныя і плястыкавыя элемэнты невядомага апарату.
«Пацярпелых няма. Пашкоджана разьмешчаная побач гаспадарчая пабудова (разьбітыя вокны і пашкоджаныя дзьверы). Супрацоўнікі паліцыі гарантуюць бясьпеку тэрыторыі, расьсьледаваньне ідзе пад наглядам пракурора. Вайскоўцы і адпаведныя службы апавешчаныя», — сказалі ў паліцыі.
Ад Асінаў да мяжы зь Беларусьсю каля 90 км, да ўкраінскай мяжы — больш за 100 км. Паведамленьне аб здарэньні прыйшло пасьля 2-й гадзіны ночы 20 жніўня, расказаў сяржант павятовай паліцыі Марцін Юзьвік.
Як паведамляе сайт Łuków.TV з спасылкай на высновы сваіх журналістаў, на месцы падзеньня неідэнтыфікаванага абʼекту ўтварыўся кратэр, а сярод абломкаў знойдзены прадмет, падобны на прапэлер. На відэа, апублікаваным парталам, відаць яркі сполах у начным небе, а праз імгненьне чуваць гучны выбух.
Адзін з украінскіх маніторынгавых Telegram-каналаў, які адсочвае рух расейскіх дронаў, паведаміў, што а 22:57 19 жніўня з тэрыторыі Беларусі заляцелі сама меней 2 баявыя бесьпілётнікі, якія накіраваліся спачатку на Кіеўскую вобласьць, а потым зьмянілі свой курс на Жытомірскую вобласьць.
Згодна з паведамленьнем Паветраных сіл Украіны, расейскія войскі для абстрэлаў у ноч на 20 жніўня выкарысталі 93 баявыя дроны, 62 зь іх зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны.