Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Жодзік, якая пасьля 2020-га вымушана пакінула Беларусь і выступае за Польшчу, перамагла ў этапе «Дыямэнтавай лігі»


Марыя Жодзік, архіўнае фота
Марыя Жодзік, архіўнае фота

Беларуска, якая пасьля падзей 2020 году выступае за Польшчу, здабыла перамогу на вельмі прэстыжных спаборніцтвах у Швайцарыі.

Этап у Лязане быў у гэтай «Дыямэнтавай лізе» ўжо 13-м, праходзіў ён у цяжкіх умовах надвор’я — на стадыён абрынулася залева. Гэта істотна ўскладніла і ўмовы для жанчын у скачках у вышыню. Але 28-гадовая Марыя Жодзік, нягледзячы на непагадзь, паказала вынік 1,91 м.

П’едэстал быў падзелены паміж трыма скакухамі. Разам з Жодзік там апынуліся 28-гадовая Крыстына Гонзэль зь Нямеччыны і 29-гадовая Нікола Оліслагерс з Аўстраліі. Усе яны паспрабавалі ўзяць вышыню 1,94 м, але яна ім не скарылася. У выніку ўсе сталі на першую прыступку п’едэсталу.

Гэта першая перамога Жодзік на этапе «Дыямэнтавай лігі» ў кар’еры. Хаця пераможная вышыня найніжэйшая для першага месца за чатыры апошнія гады на гэтых спаборніцтвах.

Пераможца «Дыямэнтавай лігі» 2024 году 24-гадовая ўкраінка Яраслава Магучых этап завяршыць ня здолела.

У генэральным становішчы па выніку ўсіх этапаў на першым месцы ідзе аўстралійка Оліслагерс, на другім месцы ейная суайчыньніца Элеанор Патэрсан, а Магучых замыкае тройку. Марыя Жодзік на 7-й пазыцыі.

Наперадзе яшчэ два этапы спаборніцтваў. У Брусэлі (Бэльгія) і Цюрыху (Швайцарыя).

У 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Але рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўтрымаўся, і гэта закрыла атлетцы дарогу ў нацыянальную каманду. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь. У 2024 годзе Жодзік дазволілі выступаць за Польшчу пасьля адбытага карантыну.

У тым жа годзе Жодзік выступіла за новую краіну на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аднак выступ стаўся няўдалым. З паказьнікам толькі ў 1,83 м ураджэнка Баранавічаў хутка выбылі з барацьбы за мэдалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG