Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Ўкраіна празь Беларусь абмяняліся целамі загінулых вайскоўцаў

абноўлена

Аўтамабіль, на якім перавозяць целы загінулых украінцаў. Ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль, на якім перавозяць целы загінулых украінцаў. Ілюстрацыйнае фота

Сярод тых, каго Расея вярнула Ўкраіне, — целы пяці ўкраінцаў, якія загінулі ў расейскім палоне.

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб перадачы расейскім бокам 1000 цел загінулых.

У афіцыйным паведамленьні не сьцьвярджаюць, што ўсе целы належаць украінскім вайскоўцам, паколькі раней былі выпадкі перадачы цел і расейскіх вайскоўцаў. Ва Ўкраіне правядуць судова-мэдычную экспэртызу ўсіх атрыманых цел.

«Сярод рэпатрыяваных ёсьць 5 украінскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў палоне. Яны былі ў сьпісах цяжкапараненых і цяжкахворых для абмену згодна з дамоўленасьцямі ў Стамбуле ў часе другога раўнду перамоў. Расейскі бок прамаруджвае і не выконвае ўзятыя на сябе абавязаньні. Украіна настойвае на неадкладным вызваленьні ўсіх цяжкахворых і цяжкапараненых абаронцаў і змагаецца за вяртаньне ўсіх украінскіх грамадзян», — адзначылі ў Каардынацыйным штабе.

У праекце Каардынацыйнага штабу «Хачу знайсьці» паведамілі, што Расеі перадалі целы 19 загінулых расейскіх вайскоўцаў, якіх знайшлі пошукавыя групы ў Харкаўскай вобласьці, у Пакроўскім, Бахмуцкім і Краматорскім раёнах Данецкай вобласьці, а таксама ў Луганскай і Запароскай абласьцях. Украінскі бок ідэнтыфікаваў некаторых зь іх.

Абмен адбыўся пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа на беларуска-украінскай мяжы праз памежны пераход Новая Гута (з украінскага боку Новыя Ярылавічы).

Пазьней інфармацыю аб абмене целамі загінулых пацьвердзіў Уладзімір Мядзінскі, памочнік Уладзіміра Пуціна.

Прапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.

2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся пра абмены палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч целаў украінскіх вайскоўцаў.

Першыя 1212 целаў былі дастаўленыя ў пункт абмену 7 чэрвеня. Расейскі бок тады заявіў, што Ўкраіна, насуперак дамоўленасьцям, ня стала іх прымаць. Украінскі бок адпрэчыў гэта, заявіўшы, што абмен спачатку плянавалі пазьней. Празь некалькі дзён ён сапраўды адбыўся. Расея атрымала 27 целаў сваіх вайскоўцаў.

Пазьней украінскі бок заявіў, што Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых. У Расеі гэтую заяву пакуль не камэнтавалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG