Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад самітам у Вашынгтоне Ціханоўская падтрымала Ўкраіну і заклікала не забыцца пра Беларусь


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 28 жніўня сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і эўрапейскімі лідэрамі, каб абмеркаваць спыненьне вайны Расеі ва Ўкраіне.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб падтрымцы эўрапейскіх лідэраў і Ўкраіны, якія накіраваліся на перамовы ў ЗША.

«Мір павінен быць справядлівым і трывалым, а Расею неабходна стрымаць. Любыя перамовы павіны таксама ўлічваць, што будучыня Беларусі пад пагрозай», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы на плятформе Х.

Ціханоўская падкрэсьліла, што падтрымлівае эўрапейскіх лідэраў «у надзеі на мір», а Ўкраіну — у яе мужнай барацьбе. Яна таксама дадала, што цэніць намаганьні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дзеля дасягненьня міру.

Тым часам прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўжо прыбыў у Вашынгтон, дзе адбудзецца ягоная сустрэча з Дональдам Трампам і эўрапейскімі лідэрамі.

«Мы ўсе аднолькава хочам хутка і надзейна завершыць гэтую вайну. І мір павінен быць доўгім. Ня так, як гэта было гады таму, калі Ўкраіну прымусілі аддаць Крым і частку нашага ўсходу — частку Данбасу, а Пуцін выкарыстаў гэта проста як пляцдарм для новага нападу», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.

Аб спатканьні ў Вашынгтоне з Уладзімірам Зяленскім і эўрапейскімі лідэрамі заявіў Дональд Трамп пасьля ягонай сустрэчы на Алясцы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

17 жніўня Дональд Трамп яшчэ раз успомніў пра 1300 беларускіх вязьняў, якіх трэба вызваліць. У новым допісе ў сацыяльнай сетцы Truth амэрыканскі прэзыдэнт назваў Лукашэнку «магутным лідэрам» і выказаў спадзеў, што неўзабаве 1300 беларускіх вязьняў будуць выпушчаныя з турмаў.

Раней, перад перамовамі з Пуціным на Алясцы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Перамовы Трампа і Пуціна адбыліся 15 жніўня ў Анкарыджы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG