Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп перад сустрэчай зь Зяленскім расказаў, як той можа завершыць вайну


Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп на сустрэчы ў Гаазе 25 чэрвеня 2025 году
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп на сустрэчы ў Гаазе 25 чэрвеня 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі можа спыніць вайну з Расеяй «амаль імгненна».

«Зяленскі можа спыніць вайну з Расеяй амаль імгненна, калі захоча, або можа працягваць ваяваць. Памятаеце, як усё пачалося. Ніякага вяртаньня Крыму, які [прэзыдэнт ЗША] Абама аддаў (12 гадоў таму, без адзінага стрэлу!), і НІЯКАГА ЎСТУПУ ЎКРАІНЫ Ў NATO. Пэўныя рэчы ніколі не мяняюцца», — напісаў Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

Тым часам прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўжо прыбыў у Вашынгтон на сустрэчу з Дональдам Трампам і эўрапейскімі лідэрамі.

«Мы ўсе аднолькава хочам хутка і надзейна закончыць гэтую вайну. І мір мае быць трывалым. Ня так, як гэта было гады таму, калі Ўкраіну прымусілі аддаць Крым і частку нашага Ўсходу — частку Данбасу, а Пуцін выкарыстаў гэта проста як пляцдарм для новага нападу», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.

Уладзімір Зяленскі таксама нагадаў аб неэфэктыўнасьці Будапэшцкага мэмарандуму, паводле якога Ўкраіна нібыта атрымала «гарантыі бясьпекі».

«...Гэта не спрацавала. Вядома, ня варта было аддаваць Крым тады так сама, як пасьля 2022 году не аддалі Кіеў, Адэсу і Харкаў. Украінцы змагаюцца за сваю зямлю, за сваю незалежнасьць. Цяпер у нашых ваяроў ёсьць посьпехі на Данеччыне і Сумшчыне. Упэўнены, абаронім Украіну, дзейсна гарантуем бясьпеку, і наш народ заўсёды будзе ўдзячны Прэзыдэнту Трампу, усім у Амэрыцы, кожнаму партнэру, за падтрымку і неацэнную дапамогу. Расея павінна закончыць гэтую вайну, якую сама ж і пачала. І я спадзяюся, што наша супольная сіла з Амэрыкай, з нашымі эўрапейскімі сябрамі змусіць Расею да сапраўднага міру», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.

Аб сустрэчы ў Вашынгтоне з Уладзімірам Зяленскім і эўрапейскімі лідэрамі заявіў Дональд Трамп пасьля сваёй сустрэчы на Алясцы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG