На мяжы зь Літвой пераход Каменны Лог на 3 гадзіны спыняў працу, «наладжвалі праграмнае забесьпячэньне»

Памежны пераход Каменны Лог. Архіўнае фота

У Дзяржаўным памежным камітэце паведамілі аб часовым спыненьні дзейнасьці на мяжы зь Літвой памежнага пераходу Каменны Лог (зь літоўскага боку пункт Меднікі).

У афіцыйным паведамленьні адзначаецца, што пропуск аўтамабіляў і фізычных асобаў спынілі часова з 11:30 19 жніўня.

«Часовае спыненьне афармленьня зьвязана з наладжваньнем праграмнага забесьпячэньня. Аб часе завяршэньня работ паведамім дадаткова», — адзначаецца ў паведамленьні.

Пасьля абеду стала вядома пра аднаўленьне працы пераходу, паводле афіцыйных зьвестак, ён быў закрыты з 11:30 да 14:15.

Як вынікае з афіцыйных зьвестак памежнага камітэту, на 12.00 выезду ў Літву з Каменнага Логу чакалі 340 грузавікоў і 110 легкавых аўтамабіляў.

Апошнія некалькі дзён на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу зафіксавана рэкордная колькасьць транспартных сродкаў, якія стаяць у чарзе на выезд. На 12.00 гадзін 19 жніўня ў чарзе стаялі 6 157 грузавікоў, легкавых аўтамабіляў і пасажырскіх аўтобусаў. Найбольш транспартных сродкаў — 4 957 — стаяць на мяжы з Польшчай, у тым ліку 4620 легкавых аўтамабіляў, 180 грузавікоў і 157 аўтобусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 110 даляраў за квіток да Вільні, содні ў чэргах па дарозе ў Варшаву. Што адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга на выезд у Польшчу перавысіла 4600 аўтамабіляў