У Беларусь з Ірану ўвязуць бульбу, памідоры, агуркі і яблыкі. Паглядзелі, у якіх аб’ёмах

Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі абавязаў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю разьмеркаваць паміж удзельнікамі замежнага гандлю аб’ёмы тарыфных квотаў на ўвоз у краіну прадуктаў харчаваньня з Ірану.

Як адзначаецца ў апублікаванай на нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, квоты разьмяркуюць згодна з адпаведным рашэньнем калегіі Эўразійскага эканамічнага саюзу.

У прыватнасьці, у Беларусі чакаюць пастаўкі з Ірану 1000 тон кураціны і субпрадуктаў зь яе, 150 тон бульбы, 4729 тон сьвежых памідораў, 1445 тон розных відаў капусты, 64 тоны морквы і рэпы, 1224 тон буракоў і салеры, 1127 тон агуркоў, 20 000 тон яблыкаў і 188 тон кансэрваваных памідораў.

Квоты на пастаўку сельскагаспадарчых прадуктаў харчаваньня прадугледжаныя і для іншых чальцоў ЭАЭС — Армэніі, Казахстану, Кіргізстану і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крызісу з бульбай і гароднінай урад Беларусі ўхваліў новую схему дзяржаўных паставак