Праваабаронцам ужо вядомыя імёны 40 затрыманых па справе маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн». Пра гэта інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Таксама, паводле праваабаронцаў, затрыманых насамрэч можа быць больш.
Паводле «Вясны», затрыманым выстаўляюць абвінавачаньні па артыкуле аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 КК).
Вядома як мінімум пра шэсьць судовых працэсаў, якія ўжо праходзяць па гэтай справе.
У лютым 2025 году стала вядома аб тым, што невядомыя атрымалі доступ да чату «Беларускага Гаюна», які публікаваў інфармацыю аб перамяшчэньні расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі, пралётах авіяцыі і бесьпілётнікаў і іншай вайсковай актыўнасьці на тэрыторыі Беларусі. Пасьля гэтага праект спыніў працу, а праваабаронцы пачалі паведамляць пра затрыманьні тых, хто дасылаў у чат здымкі і інфармацыю.
Праект «Беларускі Гаюн» быў заснаваны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам вайсковай актыўнасьці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 году, неўзабаве пасьля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе «зьбіралася інфармацыя ад людзей».
«Мы ня ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у староньняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сытуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй», — заяўляў тады заснавальнік праекту блогер Антон Матолька.
Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторым зь іх удалося эміграваць.
Пра масавыя затрыманьні па справе «Беларускага Гаюна» паведамлялася 2 траўня.
У чэрвені Горадзенскі абласны суд завочна асудзіў Матольку да 20 гадоў пазбаўленьня волі за «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасьці».
20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў траўні 2025 году ў берасьцейкім сьледчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе «Беларускага Гаюна».
Паводле стану на 7 жніўня было вядома пра 38 затрыманых па справе «Беларускага Гаюна».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».