Хроніка перасьледу 18 жніўня: у Гомлі асудзілі адваката, у Слоніме — прадпрымальніцу, у Менску — стваральнікаў «Письмо.бел»

Супрацоўнікі АМАП Беларусі (ілюстрацыйнае фота)

У Беларусі штодня адбываюцца затрыманьні і арышты, зьвязаныя з пратэставымі настроямі і выказваньнямі.

Траіх палітвязьняў асудзілі па справе «Письмо.бел»

У Менску вынесьлі прысуды тром фігурантам справы, зьвязанай з ініцыятывай ««Письмо.бел»: Паўлу Каранюхіну, Аляксандру Мазуру і Аляксандру Лыкшыну. Іх абвінавацілі ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу), паведаміла «Вясна».

Суд прысудзіў Мазуру і Каранюхіну па тры гады і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Лыкшыну — тры гады і сем месяцаў зьняволеньня. Усіх таксама пакаралі штрафам 42 тысячы рублёў (1000 базавых велічынь).

Усіх іх затрымалі ў лістападзе 2024 году. У тым жа месяцы ініцыятыву «Письмо.бел» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У сьнежні 2024 году КДБ унёс ініцыятыву яшчэ і ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў».

Аляксандар Лыкшын на момант затрыманьня ўжо адбываў пакараньне «хатняй хіміяй». У сакавіку 2024 году разам з братам Уладзімерам і жонкай Лізаветай яго асудзілі на 2,5 году абмежаваньня волі за ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).

Ініцыятыва «Письмо.бел» — гэта сэрвіс, які дазваляў адпраўляць лісты зьняволеным, «не адыходзячы ад кампутара», у тым ліку з раздрукаванымі малюнкамі і фота. У свой час сэрвіс быў афіцыйна зарэгістраваны і меў дамову з РУП «Белпошта». Сэрвісам карысталіся сваякі і сябры ўсіх зьняволеных — толькі дзясятая частка лістоў лістоў была для палітвязьняў.

10 сьнежня 2024 году сайт перастаў працаваць. Раней, у верасьні 2022 году, сваю дзейнасьць спыніла яшчэ адна падобная ініцыятыва — «Письма в клеточку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны»: Затрымалі арганізатараў сэрвісу Письмо.бeл

Масавы суд над жыхарамі Ваўкавыску

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у Горадні 11 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць васьмі жыхароў Ваўкавыску.

Працэс вядзе судзьдзя Зінаіда Барцэвіч. Фігурантаў справы абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты знаходзяцца пад вартай амаль 10 месяцаў — з канца кастрычніка 2024 году.

Увосень 2024 году ў рэгіёнах Беларусі прайшла хваля затрыманьняў у «справе дваровых чатаў», якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады». 29 кастрычніка 2024 году КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца 2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».

Супраць дзясяткаў людзей завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК («змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер пад вартай. Некаторым спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 357 КК, а пазьней перакваліфікавалі на арт. 361-1 КК, некаторых абвінавачваюць адразу паводле двух артыкулаў. У ліпені 2025 году ў Беларусі пачаліся першыя масавыя суды ў гэтай справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 ліпеня: за дапамогу палітвязьням затрымалі менскую мастачку

Вырак за сацыялягічнае дасьледаваньне пра каранавірус у Беларусі

43-гадоваму Яўгену Красьнянскаму вынесьлі прысуд за сацыялягічнае дасьледаваньне пра каранавірус у Беларусі, піша «Вясна». Яго асудзілі на сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі узмоцненага рэжыму, а таксама на штраф 25 тысяч рублёў.

8 жніўня 2025 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Красьнянскага вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «здрада дзяржаве» і «ўхіленьне ад выплаты страхавых складак».

Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што Красьнянскі падрыхтаваў для адной з замежных арганізацыяў даследаваньне, якое нібыта зьмяшчае «загадзя ілжывыя зьвесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы прыманых захадаў у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 ліпеня: бармэна з Горадні асудзілі за камэнтары ў Тэлеграме

У Гомлі асудзілі адваката

У Гомлі асудзілі адваката Сяргея Хлыстова. Яму прысудзілі пазбаўленьне волі: дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы.

Хлыстова абвінавацілі ў распальваньні варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК).

Пра затрыманне Сяргея Хлыстова разам з двума іншымі адвакатамі стала вядома ў красавіку. Пазьней дваіх адвакатаў вызвалілі, але аднаго з затрыманых – загадчыка юркансультацыі – звольнілі з пасады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 ліпеня: у Берасьці затрымалі дызайнэра, у Менску асудзілі намесьніцу дырэктара гімназіі

Прадпрымальніцу са Слоніма асудзілі за ўдзел у пратэстах

«Нашай ніве» стала вядома, што 31-гадовую Ганну Кулак са Слоніма ў 2025 годзе асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК. Меркавана ёй прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў ПУАТ ( так званую «хатнюю хімію»). Дакладны тэрмін невядомы. Тыдзень таму яе ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў».

Ганна Кулак закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. У 2024 годзе адкрыла ІП па рамонту бытавой электронікі.