Азараў заявіў пра закрыцьцё пляну «Перамога»

Кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў, архіўнае фота

Раней у ByPol паведамлялі, што ў чат-боце пляну «Перамога» засталіся «дзясяткі і дзясяткі тысяч неабыякавых беларусаў».

Кіраўнік ByPol і руху «Закон і правапарадак» Аляксандр Азараў апублікаваў заяву аб тым, што плян «Перамога» закрываецца, а ўсіх яго ўдзельнікаў «пераводзяць у рэзэрвы».

«У мэтах запэўненьня бясьпекі ўдзельнікаў пляну „Перамога“, у сувязі з стратай доступу да чат-боту пляну „Перамога“ ў траўні 2024 году і адмовай Сьвятланы Ціханоўскай і Франака Вячоркі вярнуць яго, абвяшчаем пра закрыцьцё пляну „Перамога“ да асаблівага распараджэньня. Усе ўдзельнікі пляну пераведзеныя ў рэзэрвы», — піша Азараў.

Ён паведаміў аб прызначэньні адказным за «рэзэрвы спэцыяльнага, хуткага і апэратыўнага прызначэньня» Сяргея Макара, адказным за «рэзэрвы назіраньня, дакумэнтаваньня і расьсьледаваньня» Станіслава Лупаносава, за «рэзэрвы аналітыкі, камунікацый і сувязяў з грамадзкасцю, а таксама агульнае кіраўніцтва» Аляксандра Азарава.

Паведамляецца, што рашэньне было ўхваленае ў выніку сустрэчы аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol і руху «Закон і правапарадак».

Тыя, хто жадае выдаліцца з чат-боту пляну «Перамога», могуць зрабіць гэта бясьпечна паводле інструкцыі «Кібэрпартызанаў».

Раней у абʼяднаньні апублікавалі інструкцыю для тых, хто хоча бясьпечна выдаліць чат-бот пляну «Перамога».

  • Плян «Перамога» быў створаны ў канцы траўня 2021 году колішнімі супрацоўнікамі спэцслужбаў Беларусі, якія адмовіліся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцыяў пратэсту ў 2020 годзе. Плян прадугледжваў мабілізацыю грамадзян, каб папярэдзіць правакацыі і дапамогу нелегітымнай уладзе Лукашэнкі з боку суседніх дзяржаваў і не дапусьціць разьвязаньня ўнутранага канфлікту ў Беларусі. Азараў раней казаў, што ў чат-бот пляну «Перамога» зьвярнуліся каля 200 тысяч чалавек.
  • Выбары ў Каардынацыйную раду 3-га скліканьня пройдуць 25–27 траўня 2024 году. Ужо зьявілася спэцыяльная мабільная праграма для выбараў, яна будзе даступная толькі за мяжой.
  • Тым часам Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на ўсіх 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду. Іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol рассылае выбарчую агітацыю ўдзельнікам пляну «Перамога». Што кажа Азараў